пятница, 7 января 2011 г.

Радкевіч versus Каліноўскі? - часть четвёртая.


...На старонках "Мужыцкай праўды" сцвярджалася, што паўстанне вядзецца "За нашую вольнасць!" Паводле Каліноўскага, вольнасць - гэта "зямелька, якую абяцалі, але падманулі і не далі". А зямля належыць сялянам, бо "з дзядоў прадзядоў кроўнаю працаю на яе зарабілі ды заплацілі". Вольнасць - гэта права "не даваць некрутаў" і "не хадзіць у маскалі". Вольнасць - гэта жыццё без "маскалёў" і "лапсэсараў", без хлусні маскоўскага "ронду". Вольнасць - гэта права мець "ронд для народу". І нарэшце, гэта спавяданне "справядлівай нашай уніяцкай веры"33.
Усе абставіны паўстання і дзейнасць Каліноўскага як кіраўніка Літоўскага правінцыйнага камітэта, як камісара Гродзенскага ваяводства, нарэшце, як "дыктатара Літвы" ў гэтым артыкуле асвятляць не мае сэнсу. Варта толькі адзначыць, што асоба Кастуся Каліноўскага здаўна прыцягва ла да сябе ўвагу даследчыкаў. Першым беларускім аўтарам, які пісаў пра Каліноўскага, быў Вацлаў Ластоўскі. Яго артыкул "Памяці справядлівага" апублікавала газета "Гоман" ("Homan") у 1916 (№ 1) пад псеўданімам "Сваяк". У наступ-ныя гады з'явіліся працы Івана Цвікевіча, Усевалада Ігнатоўскага, Адама Станкевіча, Уладзіміра Перцава, Анатоля Смірнова, Генадзя Кісялёва, Вячас-лава Шалькевіча, Міхася Біча ды інш.
На старонках большасці гістарычных даследаванняў айчынных аўтараў створаны вобраз народнага (і нават нацыянальнага) героя, які змагаўся як за лепшую долю беларускіх сялян, так і за будучыню незалежнай Беларусі без панавання "маскалёў" і польскі х памешчыкаў. На самай справе, варта заду-мацца, у якой ступені постаць "Яські-гаспадара з-пад Вільні" тоесная асобе самога Каліноўскага. Ёсць падставы сцвярджаць, што свядомасць "дыктатара Літвы" альбо, прынамсі, яе адлюстраванне ў яго тэкстах немагчыма ахарак-тарызаваць толькі ў межах беларускага нацыянальнага дыскурсу. Знаёмства з тэкстамі сведчыць хут чэй пра феномен ліцвінства напярэдадні наступу эпохі нацыяналізмаў34 .
Гісторыкі больш згодныя ў ацэнка х ролі Каліноўскага ў гэтым паўстанні. Ён небезпадстаўна ўяўляецца найбольш паслядоўным і рашучым змагаром "За вольнасць нашу і вашу!" Каліноўскі - гэта беззаганная постаць змагара-паўстанца. Якраз дзякуючы яго намаганням паўстанне ў Беларусі і Літве пратрыва ла да вясны 1864 г. Для яго барацьба працягвалася ў т урме і нават на Лукішках пад шыбеніцай. У пэўны момант знік Вікенці Канстанцін Каліноўскі, а застаўся толькі "Яська-гаспадар з-пад Вільні".
Яго мужнасць прызнавалі нават тыя, хто не падзяляў поглядаў Каліноўскага на мэты і задачы паўстання. Адзін з правадыроў "белых" у гэтым паўстанні Якуб Гейштар пакінуў наступную характарыстыку Каліноўскага:
"Каліноўскі, можна сказаць, быў чалавекам фармату героя, з бязмежнай самаахвярнасцю, моцным характарам [...]Ён быў узорным канспіратарам; толькі ён адзін быў здольны месяцамі працаваць у Вільні ў перыяд самага жорсткага тэрору. Ён, якога паўсюдна шукалі, прыходзіў да Дамініканскай брамы на кожную расправу з паўстанцамі; бачыў асуджаных на смерць і пад пагрозай штодзённага арышту ні на хвіліну не страціў энергіі. Пад моцным кіраўніцтвам - выдатны выканаўца, бо ўмеў падпарадкоўвацца, калі яму загадвалі ў імя абавязку. У тэорыі - шаленец, пол-Марат, літвін-сепаратыст, але меў сэрца старапольскае; галава занятая падхопленымі чужымі прынцыпамі, але праца, цярплівасць, ахвярнасць героя" 35.
Паводле легенды, Каліноўскі нібыта заявіў старшыні следчай камісіі: "Цяпер можаце быць спакойным. Раз мяне ўзялі, то ў Вільні будзе спакойна". Як пісаў Гейштар, камісія жартавала, што арыштаваны выказваўся як "дыктатар Літвы", аднак, дадаваў ён, "напэўна ні справе, ні якой-небудзь асобе не пашкодзіў. Прызнаваўся ў дзеяннях, але нікога не скампраметаваў. Прыгожая постаць [...]" 36
Дарэчы, варта яшчэ раз задумацца над апошнімі гадзінамі жыцця гэтага чалавека. Яны шмат гавораць пра характар і свядомасць Каліноўскага. Незадоўга да смерці ён напісаў вядомыя "Лісты з-пад шыбеніцы", якія атрымалася перадаць на волю. Яго развітанне з жыццём - гэта яшчэ адзін заклік працягваць змаганне. Барацьба была сэнсам існавання, і нават чаканне смерці нічога не змяніла. Захавалася апісанне апошніх хвілін жыцця Каліноўскага, якое не можа не ўражваць. Нават пад шыбеніцай гэты чалавек захаваў яснасць розуму і нязменнасць уласнай грамадзянскай пазіцыі. Яго не паралізавала блізкасць смерці. Ён слухаў словы прысуду і каменцiраваў іх: "У нас нет дворян, все равны!" 37
Каліноўскага папрасілі замаўчаць. Пакаранне адбылося... Кастусь Каліноўскі адышоў у гісторыю. Цела схавалі, быццам і мёртвага баяліся. Яно было перавезена на тэрыторыю расiйскага гарнізона, які месціўся ў цэнтры Вільні, і, паводле некаторых звестак, закапана на Старым замку, на г.зв. "гары Гедыміна".
Звычайна ў якасці галоўнага антыпода Каст уся Каліноўскага фігуруе віленскі генерал-губернатар граф Міхаіл Мураўёў, які паслядоўна змагаўся з "метежниками". Але на самай справе значна большую небяспеку паўстанню ўтрымлівала пазіцыя сялянства, з якім Каліноўскі звязваў надзеі на перамогу і якое іх не спраўдзіла.
Пасля вяртання да кіраўніцтва паўстаннем 11 чэрвеня 1863 г. Каліноўскі напісаў "Прыказ ад Ронду Польскага над цэлым краем Літоўскім і Беларускім да народу зямлі літоўскай і беларускай". Гэты вядомы дакумент заслугоўвае асаблівай увагі ў святле тых падзей, якія пазней адбыліся ў Новым Двары.
У гэтым "Прыказе" К. Каліноўскі адмаўляўся надалей пераконваць сялян у неабходнасці падтрымліваць змагароў "За вольнасць нашу і вашу!" Ён яшчэ тлумачыў сітуацыю, але ўжо не прасіў, не прапанаваў, а загадваў. Словы Каліноўскага гучалі як прысуд тым, хто стаў на бок ворага:
"Цяпер то настаў час, што кажному будзе одмерано так, як ён сам сабе намерыць. Пан будзе ліхі - пана павесім як сабаку! Мужык будзе кепскі - то і мужыка павесім, а двары іх і сёла з дымом пойдуць і будзе справядлівая вольнасць - бо гэтага сам Бог ужэ хочэ і Прэчыстая маці! [...] А хто гэ-таму прыказу спрэчон будзе, таго - ці ён поп, ксёндз, мужык ці пан, усякага данасіць да Ронду польскага, каб можна было позьней павесіць або, сазваўшы грамаду і зрабіўшы справядлівы суд, без адгаворкі весці на шыбеніцу! Бо хто хочэ крыўды людской - той нехай лепш сам марно прападае!" 38
У гэтым жа месяцы выйшаў апошні нумар "Мужыцкай праўды". Яго танальнасць моцна нагадвала "Прыказ...":
"А такіх, што за грошы не пабаяліся служыць ворагам нашым, што не хацелі мужыкам зямлі ды праўды на свеце, ды спрэчны былі новай вольнасці і новаму польскаму маніфесту, гэтакіх вешаюць як подлых сабак, селішчы іх апусцелі, пайшлі з дымам іх хаты, прапала марна худоба" 39 .
Сярод матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Гродне захаваўся ў перакладзе на рускую мову зварот Отдела руководства литовскими провин-циями (так у тэксце), які, верагодна, таксама быў напісаны на пачатку чэрвеня. Зварот заклікаў весці партызанскую вайну, шырыць кола змагароў, перадаваць сялянам зямлю ў маёмасць, а таксама весці рашучую барацьбу з даносчыкамі: "Также смерти должны быть подвержены все шпионы донощики. К какому бы сословию они не принадлежали, так как перед лицом закона в этом печальном событии должно быть соблюдено равенство всех сословий" 40. Камандзіры атрадаў павінны былі зачытваць зварот сваім паўстанцам.
Магчыма, забойства Клары Радкевіч (і не толькі яе) было наступствам якраз гэтых загадаў.
Паўстанне. Новы Двор і паўстанцы
Белавежская пушча была тэрыторыяй дзейнасці нека лькіх буйных паўстанцкіх ат радаў. Тут, дарэчы, актыўна рыхтавалася паўстанне. Наваколлі Новага Двара сталі зонай распаўсюджвання "Мужыцкай праўды". Часцяком гэта рабіў сам Кастусь Каліноўскі.
27 кастрычніка 1862 г. станавы прыстаў Слонімскага павета Агапін у рапарце ваеннаму губернатару Гродна генералу Галеру паведамляў пра з'яўленне "Мужыцкай праўды", якую "злонамеренные люди" падкідаюць ча-соваабавязаным сялянам. Прыстаў здолеў адшукаць у в. Шайпакі два асобнікі газеты. Сяляне заявілі, што гэт ую газету выкінуў з карэты невядомы праез-джы. Паказанні сялян і запісы ў кнізе Ружанскай паштовай станцыі сведчылі, што iм быў "некто дворянин Викентий Калиновский". Таксама высветлілася, што ямшчык паштовай станцыі вазіў К. Каліноўскага ў Падароск 41. Далейшае следства працягвалі ўжо жандары, якія даведалiся, што Каліноўскі наведаў ксяндза Казлоўскага ў Вялікай Бераставіцы, з якім разам паехаў у Гродна.
Капітан корпуса жандараў Віт таксама ўстанавіў, што ў сваіх ранейшых паездках Каліноўскі неаднаразова наведваў Свіслач і Якушоўку, дзе жывуць яго бацькі. За домам у Якушоўцы было ўстаноўлена "постоянное секретное наблюдение" 42.
Каліноўскі меў прыхільнікаў у родных мясцінах. Ёсць звесткі, што пісар Гарнастаевіцкага валаснога праўлення (10 км ад Новага Двара) чытаў "Мужыцкую праўду" сялянам. Мясцовыя краязнаўцы выказалі думку, што ён быў нават асабіста знаёмы з кіраўніком Літоўскага правінцыйнага камітэта (ЛПК) 43.
Трэба адзначыць пэўны плён прапагандысцкай акцыі "Мужыцкай праўды". У першую чаргу ён праявіўся ў больш актыўным удзеле сялянства Гродзеншчыны ў паўстанні. Апроч таго, сяляне засвоілі многія тэзісы газеты Каліноўскага, якія сталіся часткай іх свядомасці. Нават у 1886 г. Іван Карскі з в. Лаша Гродзенскага павета, інфармант этнографа Паўла Шэйна, паведамляў, што сяляне не моляцца за "Царя-освободителя", а гавораць:
"[...] не бы ли бы мы волные, але дзякаваць Пану Богу за пранцуза. Ён, як воеваў у Сістопаля (Севастополя. - П.Ш.), то і прыказаў нашаму цару, каб даць вольнасць нам, бедным мужыкам і ціпер мы волные" 44.
Гэтыя мужыцкія размовы 1886 г. амаль дакладна паўтаралі фрагмент № 3 "Мужыцкай праўды".
Тым не менш магчымасці прапаганды былі абмежаваныя адсутнасцю сеткі распаўсюджвальнікаў (як сведчыць вышэйпрыведзены дакумент, гэтым займаўся сам кіраўнік ЛПК), невялікай колькасцю асобнікаў газеты, якая не заўсёды трапляла па прызначэнні, і, галоўным чынам, непісьменнасцю асноўнай масы сялянства (нагадаю, што першая школа ў Новым Двары была адкрытая толькі ў 1860 г.). Малаверагодна, што "Мужыцкая праўда" да паўстання трапіла ў мястэчка. Па меншай меры, у дакументах, якія датычаць падзей паўстання і асобы Каліноўскага, такі факт не згадваецца. Можна меркаваць, што жыхары Новага Двара слаба арыентава ліся ў мэтах паўстання. Адначасова яны павінны былі ведаць афіцыйную версію, якую пашыралі расійскія чыноўнікі. Сцвярджалася, што гэта "паны" ("палякі") паўсталі, каб вярнуць прыгон. Падобнае разуменне паўстання накладалася на традыцыйную сялянскую непрыязь да "пана-паляка". Асаблiва моцнай яна была ў былых прыгонных сялянаў.
Рэпліка этнографа:
"Поляков они (сяляне - А.С.) не любят вообще, помещиков же польских просто ненавидят. В каждом поляке им представляется пан или управитель пана, которые их постоянно преследовали и угнетали. Если при проезде какого-нибудь помещика-поляка спросить у крестьянина: "Кто это проехал?", то он непременно ответит: `Гэта крук поехаў у гарэці'. А если увидит несколько помещиков, едущих в костёл, либо в суд, то и тут скажет: `Глядзі колько пайшло крукоў!' (Іван Карскі)"4 5."[...] поляков не любят, так как с представлением о поляке является представление о пане, панщине и пригоне" 46.
Увесну 1863 г. у лясах каля Новага Двара найчасцей з'яўляліся ат рады ўраджэнца Ваўкавыскага павета Густава Стравінскага, больш вядомага як "Млотэк", і пружанскага памешчыка Шчэнснага Влодэка. Ваўкавыскі і Пружанскі паветы былі зонай дыслакацыі якраз гэтых атрадаў. Таксама ў гэтай частцы Белавежскай пушчы неаднаразова ратаваліся ад пераследу атрады кіраўнікоў Гродзенскага ваяводства А. Духінскага і В. Урублеўскага, эпізадычна дзейнічаў атрад А. Лянкевіча.
Паўстанцы знаходзіліся каля мястэчка, але актыўных дзеянняў не вялі. Харчаванне куплялі або забіралі ў сялян, чым асаблiва вызначаўся атрад Ш. Влодэка.
З паказанняў адстаўнога падпаручыка Станіслава Трэмбіцкага з атрада Влодэка:
"Что же касается до пищи, то шайка ее доставала следующим образом: что откомандировывались небольшие отряды в ближайшие деревни и забирали там что только находили съестного, и таким образом пропитывались со дня на день" 47.
Якраз з забеспячэннем паўстанцаў харчаваннем звязаны ўдзел новадворцаў у гэтых падзеях. Гродзенскі губернатар І. Скварцоў пазней пісаў у Вільню, што ў мястэчку Новы Двор дзяржаўныя сяляне праваслаўнага веравызнання "были замечены в доставлении мятежникам продовольствия и за то подвер-жены денежной контрибуции" 48. Прыхільнасць новадворцаў да паўстання зразумела я, калі мы ўспомнім тыя шматлікія скаргі і прашэнні, у якіх "мяшчане" Новага Двара згадвалі пра свае ранейшыя прывілеі і не жадалі выконваць павіннасці, накладзеныя ў абыход указаў "былых каралёў польскіх". Але за гэтую дапамогу прыйшлося заплаціць свой кошт. Апроч грашовай кантрыбуцыі ў мястэчку былі арыштаваныя Фларыян і Настасся Грушэўскія, якіх адправілі ў Ваўкавыскі астрог 49...

Радкевіч versus Каліноўскі? - часть первая.
Радкевіч versus Каліноўскі? - часть вторая.
Радкевіч versus Каліноўскі? - часть третья.
Радкевіч versus Каліноўскі? - часть пятая.
Радкевіч versus Каліноўскі? - часть шестая.

Комментариев нет:

Отправить комментарий