Уладзімер Арлоў, Менск
Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”
Побач з трыма тамамі факсымільнага ўзнаўленьня Бібліі Францішка Скарыны ў маёй бібліятэцы стаіць адна з найдаражэйшых для мяне кніг — падараваныя нядаўна старым віленчуком “Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei” — пераклад Сьвятога Пісаньня на беларускую мову, зроблены ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім і выдадзены лацінкаю ў 1939-м у Вільні.
На той час перакладчык ужо адмераў на зямным шляху паўстагодзьдзя, і, прынамсі, у Заходняй Беларусі ягонае імя ведаў кожны сьвядомы суайчыньнік. Яшчэ ў раньнім юнацтве абраўшы служэньне Богу, асноўны яго сэнс айцец Вінцэнт бачыў для сябе ў тым, каб дапамагчы беларусам зьдзейсьніцца як народу, а Беларусі — як дзяржаве.
Ён браў удзел у Першым Ўсебеларускім зьезьдзе і ўваходзіў у склад Рады БНР. Стаў адным з заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні, адзначыўся ў сьпісах вязьняў сумна вядомых віленскіх “Лукішкаў”...
У верасьні 1941-га ксёндз Гадлеўскі зьявіўся ў Менску і адразу пачаў адыгрываць у нацыянальных колах адну з найважнейшых роляў. Заняўшы пасаду галоўнага школьнага інспэктара пры Генэральным камісарыяце Беларусі і зрабіўшыся сябрам Галоўнай рады Беларускай Народнай Самапомачы, ён узяўся за ажыцьцяўленьне сваёй галоўнай тагачаснай ідэі — арганізацыю незалежніцкага антынацысцкага Супраціву, маючы на мэце стварэньне незалежнай Беларускай дзяржавы. Гадлеўскі заснаваў і ўзначаліў падпольны “Беларускі Народны Фронт” і быў у ліку стваральнікаў на пачатку 1942 году Беларускай Незалежніцкай Партыі, якая плянавала выступіць адначасова супроць нацыстаў і бальшавікоў.
Пра вагу ксяндза Гадлеўскага ў тагачаснай ваенна-палітычнай сытуацыі сьведчыць тое, што прадстаўнікі дзяржаўнага Камітэту абароны СССР праз выведнікаў ініцыявалі зь ім перамовы аб магчымасьці ўдзелу беларускіх нацыяналістаў у антыфашыстоўскім змаганьні. Гаворка вялася пра вызваленьне зьняволеных у савецкіх лягерах беларусаў і фармаваньне зь іх нацыянальнага войска кшталту польскай арміі генэрала Андэрса. (Існуе меркаваньне, што атрымаўшы ад айца Вінцэнта неабходныя зьвесткі, савецкія агенты здалі яго немцам.)
Цікава ўспамінае пра асобу Гадлеўскага мянчанка Соф’я Сакалоўская, якая за часамі нямецкай акупацыі сьпявала ў хоры Катэдральнага касьцёлу, што ў першы ваенны год асьвячаў айцец Вінцэнт. Ён ня быў падобны да іншых сьвятароў: заўсёды гаварыў па-беларуску, часта хадзіў без сутаны, “меў добрае спагадлівае сэрца, якое хавалася за зьнешнім ўражаньнем суровага і закрытага чалавека”. Аднаго разу моладзь, адзначаючы ў касьцёле нечыя імяніны, заседзелася да позьняга вечару і, паколькі ў горадзе дзейнічаў камэнданцкі час, засталася начаваць у храме. Каб хутчэй прабавіць час, Гадлеўскі дазволіў там наладзіць танцы. Колішняя пеўчая згадвае, што на Каляды 1942 году прыхаджане рыхтавалі ў падарунак айцу Вінцэнту “сапраўдную беларускую кашулю, расшытую прыгожым узорам”.
Аднак падзеі ў тую зіму разгортваліся імкліва й трагічна.
23 сьнежня менская “Беларуская газэта” зьмясьціла вялікі артыкул-мэмуар Гадлеўскага пра Першы Ўсебеларускі кангрэс. У тэкст быў завярстаны мужны й прасякнуты незалежніцкім настроем верш Натальлі Арсеньневай “Годзе!”:
...Досыць падаць прад кажным ніцма! Лепш на момант агнём успыхнуць, чымся літасьцяй век давіцца! Што далі нам калі чужыя? Ці калі хто — наш плач усьцішыў? Дось! Напружым пастронкі жылаў, самі злыбеды нашы скрышым!..
Назаўтра Гадлеўскага арыштавала СД. У той самы дзень ён быў расстраляны ў Трасьцянецкім лягеры сьмерці.
“Рыцар Свабоды” — назваў сваю кнігу пра айца Вінцэнта, выдадзеную ў 2004-м, дасьледнік гісторыі беларускага нацыянальнага Супраціву Сяргей Ёрш.
P.S. У "Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі" памылкова пададзена дата нараджэньня В.Гадлеўскага, які насамрэч зьявіўся на сьвет не ў 1898-м, а ў 1888 годзе.
Крынiца: Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”
Першы артыкул пра Вінцэнта Гадлеўскага
Комментариев нет:
Отправить комментарий