воскресенье, 9 августа 2015 г.

Музычныя дыялогі з Кракавам



     Кампазітар Яўген Паплаўскі не толькі піша музыку, але і паглыбляе пры яе дапамозе беларуска-польскае культурнае супрацоўніцтва

     Нашы супляменнікі з Польшчы паведамілі ў рэдакцыю: гэтай вясною ў Кракаве прайшоў Аўтарскі канцэрт кампазітара Яўгена Паплаўскага. Дарэчы, пра канцэрт у Беларускай дзяржфілармоніі мы пісалі — а што было ў Польшчы? “Аўтарскі канцэрт прайшоў вельмі добра, знаходжуся пад моцным уражаннем, — ахвотна патлумачыў кампазітар. — Праграма была такая: Path in the Clouds III для фартэпіяна і струннага аркестра (2008), Missa brevis для жаночага хору без суправаджэння у 5 частках (2015) і “Лунаючы у прасторы для камп’ютара” (1999)”.

Jaugen Paplauski Muzychnyja dyjalogі z Krakavam
     Па словах Яўгена, гэта быў другі ягоны Аўтарскі канцэрт у Польшчы. Ён, нагадаем, член саюзаў кампазітараў і Беларусі, і Польшчы, прычым адносіцца да Кракаўскага аддзялення. І менавіта адтуль у 2013-м атрымаў замову: напісаць цыкл “Пожні” для змешанага хору без суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш у 5 частках. “Калі партытура была гатовая, узнікла ідэя: паказаць твор, правесці першы Аўтарскі канцэрт у Кракаве, — удакладніў кампазітар. — Цыкл, дарэчы, выконваў вакальны ансамбль SINGET, дырыжор якога, Марыя Янушкевіч, паходзіць з Мінска, з вядомай мастацка-творчай сям’і Янушкевічаў. У праграме канцэрта, які прайшоў 15 снежня 2013 года, быў і цыкл “Ноч” на словы Алеся Гаруна для барытона і фартэпіяна. Як вядома, беларускі паэт памёр і пахаваны ў Кракаве, на Ракіцкіх могілках. А сольную партыю ў “Ночы” спяваў ураджэнец Ваўкавыска Аляксандр Бардасаў”.

     Яшчэ адзін цікавы “беларускі акцэнт” аказаўся ў першым канцэрце: гучала “Музыка памяці ксяндза, доктара тэалогіі Станіслава Глякоўскага” для альта, фартэпіяна і струннага аркестра. Выконваў яе аркестр KN, дырыжор Станіслаў Краўчыньскі. Дарэчы, удакладняе Яўген Паплаўскі, “ксёндз Глякоўскі — гэта родны брат маёй бабулі. Вельмі цікавая асоба, пра яго ёсць тэксты ў інтэрнэце”. А знакам павагі да слухачоў, якія любяць эксперыменты, у канцэрце была… электронная сімфонія “Карозія часу”: Яўген напісаў твор у 1999-м у Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве.

     “Імпульсам, каб правесці другі Аўтарскі канцэрт у Кракаве, паслужыла просьба знакамітага дырыжора, шматгадовага рэктара Акадэміі музыкі ў Кракаве (2004-2012) Станіслава Краўчыньскага пра напісанне Імшы для жаночага хору без суправаджэння, — прыадкрывае падрабязнасці сёлетняга праекта Яўген Паплаўскі. — Мною былі выбраны 5 кананічных тэкстаў на лацінскай мове Каталіцкай імшы: Kyrie, Gloria, Sanctus, Benedictus i Agnus Dei. І паколькі апушчана частка Credo, то Імша няпоўная — вось і называецца Missa brevis. Маэстра Краўчыньскі прапанаваў яшчэ ўключыць у праграму канцэрта твор Path in the Clouds III (Шлях у Аблокі) для фартэпіяна і струннага аркестра (2008, прысвечаны Фрыдэрыку Шапэну).

     Кантрастам да акустычных партытур у канцэрце, дадае Яўген Паплаўскі, паслужыла выкананне электроннага твора “Лунаючы ў прасторы для камп’ютара” (1999) — ён рэалізаваны ў Студыі электроннай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве.


Комментариев нет:

Отправить комментарий