четверг, 3 марта 2011 г.

«Другі фронт»... у Белавежы


Гэту гісторыю расказаў яшчэ пры жыцці вядомы краязнаўца, заслужаны работнік культуры Аляксандр Палубінскі.


Беларускія партызаны не толькі пускалі пад адхон фашысцкія цягнікі, вялі рэйкавую вайну, узрывалі масты. На іх узбраенні была і антыакупацыйная прапаганда, псіхалагічныя аперацыі. Партызаны часта стваралі такія сітуацыі, калі нават без ніводнага стрэлу акупантамі авалодвала паніка.
На Свіслаччыне дзейнічаў партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага, які ўваходзіў у аднаіменную брыгаду. Яе камандзірам быў Мікалай Калістратавіч Вайцяхоўскі – адзін з арганізатараў-кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі ў гады вайны.
Аднойчы смелая аперацыя Вайцяхоўскага стала нечаканым здзеклівым жартам над фашысцкімі ваякамі. Увосень 1943-га ля дарогі на Поразава, на ўскрайку пушчы, партызаны заснавалі сваю стаянку. Немцы пакуль што адчувалі сябе тут спакойна. Толькі мясцовыя людзі шмат гаварылі аб быццам бы маючым адкрыцці ў Беларусі «другога фронту».
Вайцяхоўскі задумаў выкарыстаць гэта ў сваіх мэтах. З надыходам ночы ён паслаў групу партызан у вёску з заданнем падрыхтаваць 20 фурманак для падвозу людзей. Праз некаторы час услед за групай з разведчыкамі рушыў і сам камандзір Мікалай Калістратавіч. Спыніліся ў доме старасты. Вокны завесілі коўдрамі, а гаспадароў хаты папрасілі ў суседні пакой, аднак каб яны маглі бачыць і чуць, што гавораць партызаны. А тыя не маўчалі:
– Віця, уключай радыёстанцыю! – гучна загадаў, падміргнуўшы таварышам па зброі, камандзір.
Свіслачанін-радыст Віктар Раманцэвіч тут жа ўстанавіў антэну, адрэгуляваў радыёперадатчык, які папіскваў і патрэскваў, і паведаміў камандзіру, што ўсё гатова. Вайцяхоўскі пачаў дыктаваць тэксты “радыёграм”:

«Масква. Аэрадром для пяцітысячнага дэсанта падрыхтаваны. Камбрыг Вайцяхоўскі».

«Лондан. Ваш дэсант у сем тысяч камандосаў прызямліўся шчасліва ў Свіслацкай дачы (пушчы). Капітан савецкіх войск Вайцяхоўскі».

Бедны стараста ледзь не памёр ад страху ад пачутага, але гэта было яшчэ не ўсё.

«Вашынгтон. Першая партыя вашага дэсанта колькасцю ў дзве тысячы чалавек прынята намі ў Белавежскай пушчы. Вайцяхоўскі».

– Выканана, таварыш камандзір, – адрапартаваў радыёаператар.

– Ну дык здымай антэну. А цяпер, хлопцы, айда да англічан на віскі…

І тут жа пачаўся нязвыклы рух. Гэта «хлопцы» на дваццаці вазах працягвалі «камедыю» далей. Фурманкі па брукаванай вуліцы пад гучную гамонку грукаталі ўсю ноч. Праз некалькі соцень метраў у полі яны паварочвалі і праязджалі праз вёску зноў і зноў. Гэтак дванаццаць разоў.
На світанку шум і гоман заціхлі, а лясныя салдаты пакінулі вёску. Стараста адразу паімчаў у Свіслач з данясеннем аб адкрыцці партызанамі «другога фронту». Адсюль пайшла тэлеграма ў Беласток. Пасты акупантаў вакол Поразава былі зняты. Яны падаліся ў больш надзейныя месцы, далей ад пушчы.
Ваенна-палявы шпіталь для раненых лётчыкаў у Красках фашысты паспешліва эвакуіравалі ў Беласток. Мост праз раку Нараўка падмацавалі яшчэ адной баявой адзінкай вермахта. А Вайцяхоўскі ў гэты час быў ужо каля Аўгустова.

Источник: http://grodnonews.by/ru/0/3055/news

Комментариев нет:

Отправить комментарий