понедельник, 7 марта 2011 г.

Поразава - радзіма паўстанцаў.

   Поразава - былая вёска Яго Каралеўскай Вялікасці, што на рацэ Паразоўка. Першы ўспамін пра яе датаваны 1460 годам, калі Ян Ягінтовіч Рымовід пабудаваў тут касцёл.

Помнік паўстанцу 1863 года Казіміру Шалкевічу. Могілкі ў Поразаве.

     У пачатку XVI стагоддзя вёска Поразава была ўжо вялікім населенным пунктам і лічылася горадам на літоўскіх правах. А ў 1523 годзе кароль Зыгмунт Стары надаў яму Магдэнбургскае права. Гэта накладвала на жыхароў пэўныя абавязкі. Так, у выпадку вайны яны павінны былі прадастаўляць для вайсковых паходаў конных ваяроў, фурманкі, памяшканні для пастоя.
   Падчас Лівонскай вайны (1558-1583 гг.) параўчане бралі ўдзел у бітвах пад Полацкам. Змагаліся яны мужна, што было адзначана каралём.
   Пасля анэксіі Расійскай Імперыяй земляў Рэчы Паспалітай Поразава страціла сваю самастойнасць  і вольнасць. Аднак жыхары, памятаючы пра свае прывілеі, не змірыліся з гэтым і часта процістаялі існуючаму рэжыму. Сведчаннем таму былі наступныя падзеі. У 1839 годзе сяляне казённых мястэчак Поразава і Новага Двара адмовіліся выконваць шарваркоўскую павіннасць. "Получив донесение Волковысского Земского суда от 25 минувшего апреля, что без достаточной военной команды, нельзя привести тех крестьян в должное повиновение, ибо азартность их до такой дошла степени, что опасно даже ехать к ним...".
   Па загаду камандзіра Гарадзенскага Унутраннага батальёна падпалкоўніка Нялідава "... для усмирения неповинующихся Порозовских и Новодворских крестьян предположил он командовать из ввереного ему батальона две роты в составе 2 обер-офицеров, 10 унтер-офицеров, двух барабанщиков и 80 человек рядовых". (З данясення ў канцэлярыю Гарадзенскага грамадзянскага губернатара).
   У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Поразаве назіраліся рэлігійныя хваляванні. У 1858 годзе пра гэта загаварыў у Лондане "Колокол" А.Герцэна. У № 27 часопіса ў артыкуле "Порющее православие" было сказана "Вооружённая орава казаков и жандармов напала на местечко и без следствия и суда перепорола всех... Со стороны гражданского начальства истязаниями руководил окружной начальник Новицкий. Этот полицейский опостол сёк людей до тех пор, пока мучимый не соглашался принять причастие от православного священника". Уціск царскіх уладаў прывёў, нарэшце, да масавых выступленняў жыхароў, што вылілася ў 1863 годзе ў паўстанне.
   З аповедаў, што перадаваліся людзьмі з пакалення ў пакаленне, шмат жыхароў Поразава і навакольных вёсак прыняло ўдзел у вызваленчых бітвах супраць царызму. Шмат хто загінуў, шмат ляжыць у брацкіх магілах, лёс многіх невядомы. Двое паўстанцаў - жыхары пасёлка Казімір Шалкевіч і Ян Дмухоўскі - былі пахаваны ў імяных магілах. Ім пастаўленны помнікі. На крыжах надпісы "Герою восстания 1863 года. Речь Посполита Польска." (прозвішча і імя).
   У траўні 1863 года ў Поразава ўвайшлі паўстанцы з атрада В.Урублеўскага. Ваўкавыскі земскі спраўнік даносіў ваеннаму губернатару: "... этого дня т.е. 21 мая в Гринках собралось их (повстанцев) до 800 человек, и числом до 100 человек явились в Гринковскую казённую ферму, где набрав съестных припасов, овса и сена, отправились по направлению местечка Порозово, в которое вступили вечером означенного дня."
   Вялікая бітва паміж паўстанцамі і царскімі войскамі разыгралася у "Цялячай даліны" (гэтая мясціна знаходзіцца ў Белавежскай пушчы за в.Бернікі). Рыхтуючыся да бітвы, паўстанцы зрабілі завалы з дрэваў, пад імі выкапалі хады (нешта накшталт траншэяў). Маючы на ўзбраенні ў асноўным паляўнічыя стрэльбы і косы, паспяхова змаглі супрацьстаяць праціўніку пры мінімальных стратах. Недалёка ад гэтага месца, на скрыжаванні лясных дарог у памяць аб падзеях, што адбыліся, касінеры паставілі дубовы крыж, на якім выбіта "1863 год". Ён стаіць да гэтай пары. Але паколькі і дуб гніе, мясцовыя жыхары адрэзалі яго згніўшы ніз і паставілі зноў. Таму крыж цяпер значна ніжэйшы.
   Гэта не адзіны бой паўстанцаў у Белавежскай пушчы. Гісторыя захоўвывае звесткі пра атрад з Ваўкавыска пад кіраўніцтвам Стравінскага. "... Они дали бой под Гутой Михалинской, где потеряли пятерых убитыми (Глебович, Гриневич, Стравинский, Пружанчик), четверых ранило, потеряли два параконных фургона с оружием и бурками. Противник по завешенным данным потерял 176 человек, из них - 65 раненых.
   Другой бой произошёл под Савицкими корчмами (напэўна, карчамі - аўт.), где пало 12 россиян и два повстанца. Позже отряд был реарганизован, и часть его двинулась под Новогрудок, часть на север повета в окрестности Песок..." (Игнатий Арамович, "Мечты". 1865г.).
   За ўдзел ці дапамогу паўстанню шмат хто з вяскоўцаў быў рэпрэсаваны. Так, вайсковы начальнік Ваўкавыскага павета палкоўнік Казаулі спагнаў са 110 жыхароў Поразава кантрыбуцыю ў памеры 1430 рублёў, а з Новага Двара (мястэчка ў 12 км ад Поразава) - са 101 жыхара - 1265 рублёў.
   Паўстанец Сахарчук з в. Матошы быў сасланы на катаржныя работы, дзе і загінуў. За сувязь з паўстанцамі павешаны казакамі арганіст Поразаўскага касцёла Пінюта. Многія былі сасланы ў Сібір, адкуль ужо ніхто не вярнуўся.
   Так закончыліся масавыя выступленні, хаця выпадкі непакорнасці працягваліся яшчэ многія гады.

Рамуальд Сакалоўскі.


Комментариев нет:

Отправить комментарий