четверг, 16 апреля 2015 г.

Талент родам з Поразава.


     Яўген Паплаўскі пачаў узыходжанне ў свет музыкі з прыгожага мястэчка на Гродзеншчыне.

     Паэты ў глыбінцы нараджаюцца, пэўна, часцей, чым кампазітары. Прынамсі, так у Беларусі. Не кожнае мястэчка можа ганарыцца сваім кампазітарам, музыка якога гучыць не толькі ў Беларусі ды суседніх Польшчы Расіі, Літве, Украіне, але і ў Германіі, Нідэрландах, Даніі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі… І ў Аргенціне, Бразіліі, ЗША. Для твораў ураджэнца Поразава Яўгена Паплаўскага, здаецца, ужо няма аніякіх дзяржаўных межаў. 

     Вучань Ігара Лучанка, Дзмітрыя Смольскага — у іх пераймаў досвед у Беларускай дзяржкансерваторыі — імкліва выйшаў на “музычную арбіту”, быў прыняты ў кампазітарскую эліту Еўропы. “Стажыраваўся ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага, браў удзел у майстар класах кампазітара Тона дэ Леува,” — чытаем у праграмцы нядаўняй імпрэзы. Аўтарскі канцэрт Яўгена Паплаўскага “Сінявокая ноч” у Беларускай дзяржфілармоніі прысвячаўся 30-м угодкам творчай дзейнасці кампазітара. Цалкам вакальную праграму выконвалі спевакі знакамітай Харавой капэлы імя Рыгора Шырмы. Гучалі творы-распевы на рэлігійныя матывы, была прэм’ера цыкла “Сінявокая ноч” на словы Максіма Багдановіча. Упершыню выконваўся ў Беларусі цыкл “Пожні” на вершы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш. Дарэчы, цыкл напісаны ў 2013 годзе па замове Кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы і прысвечаны Ежы Станкевічу. 

     Яшчэ адзін зварот кампазітара да спадчыны класікаў — гэта канцэрт для хору “Мой ціхі дом” (1987) на словы Ларысы Геніюш, Янкі Купалы і Якуба Коласа. І ён — прысвечаны, дарэчы, бацьку кампазітара Уладзіміру Казіміравічу Паплаўскаму — таксама гучаў у другім аддзяленні.

     Што пра музыку раскажаш? Яе трэба слухаць… Творы Яўгена Паплаўскага ёсць у інтэрнэце. Вядучая канцэрта Наталля Ганул нагадала і пра іншую працу кампазітара. Ён шукае беларускія музычныя творы мінулых часоў: плённа працаваў у архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска і Санкт-Пецярбурга. І нашым супляменнікам з Польшчы і Расіі, якія цікавяцца гісторыяй беларускага музычнага мастацтва, варта мець гэта на ўвазе. У 2008-м сумесна з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкай і Польскім інстытутам у Санкт-Пецярбурзе ён заснаваў серыю “Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі”. Выдадзена 12 сшыткаў серыі. Адна з прэзентацый (чэрвень 2011-га) каштоўных знаходак праходзіла ў польскім Кракаве, у Інстытуце музыказнаўства Ягелонскага ўніверсітэта.

Іван Ждановіч.
Газета з Беларусі. Голас Радзімы. 19 сакавіка, 2015. 


     Брашура аўтарскага канцэрта да 30-годдзя творчай дзейнасці Яўгена Паплаўскага, які адбыўся 28 лютага 2015 года ў Мінску ў Зале імя Р.Шырмы Беларускай дзяржаунай філармоніі.

Jaugen Paplauskі u Belaruskaj dzjarzhaunaj fіlarmonіі

Комментариев нет:

Отправить комментарий