вторник, 17 мая 2011 г.

Поразаўская кераміка.

У канцы 19-пач. 20 ст. Поразава лічылася адным з буйных ганчарных цэнтраў Гродзеншчыны (каля 200 майстроў). Выраблялі чорна-глянцаваны посуд гаспадарчага прызначэння: гаршкі, міскі, бабачнікі, рынкі і інш.
У залежнасці ад аб’ёму вырабы мелі характэрныя мясцовыя назвы. Так, міскі былі малыя (да 1 літра), сярэднія (1,5 літра), вялікія (да 3 літраў); гаршкі дзяліліся на пітушкі (да 1 літра), саганчыкі (да 2 літраў), скляннікі (3 літра), сярэднікі (да 10 літраў). Посуд вызначаўся буйнымі, выразна прафіляванымі формамі, падкрэсленымі глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і касых рысак, паяскамі ўзораў, выціснутых зубчастым колцам (карбоўкай), частку вырабаў аздаблялі суцэльным глянцаваннем (калекцыя такога посуду пач. 20 ст., якая экспанавалася на Віленскай саматужніцка-прамысловай выстаўцы ў 1913, збергаецца ў музеі старажытнабеларускай культуры ІМАФ АН БССР). Сёння вырабляюць чорнаглянцаваны посуд невялікіх аб’ёмаў і нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, бабачнікі, міскі). Калекцыі Поразаўскай керамікі зберагаюцца ў Дзяржаўным музеі БССР, Дзяржаўным мастацкім музеі БССР і інш.
  
Я.М. Сахута.
Поразаўская кераміка // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. – Мінск, 1988г. – с. 406


Комментариев нет:

Отправить комментарий