среда, 22 декабря 2010 г.

Яўген Паплаўскі. Спачатку былі толькі гукі...

Увесь Сусвет складаецца з вібрацый рознай дынамічнай сілы. Задача кампазітара — пачуць іх: прыслухацца да сябе і выявіць у канкрэтных знаках. Задача нашчадкаў — прачытаць ноты-літары.

Яўген Паплаўскі.


Нядаўна на Свіслаччыну — зямлю бацькоў — наведаўся Яўген Паплаўскі. Мы не прамінулі сустрэцца з вядомым кампазітарам.
— У Поразава — за натхненнем?
— А як жа? Малая радзіма — невычэрпная крыніца для творцы. Тут вельмі добрая атмасфера.
Дарэчы, у спісе ранніх сачыненняў нашага земляка — сімфанічныя эскізы “Поразава”, у якіх выкарыстаны напрацоўкі аўтара ў вобласці музычнай мовы, каларыстыкі і санорнай тэхнікі пісьма.
Зайграй, зайграй, хлопча малы...
Віталь Радзівонаў не раз згадваў той конкурс юных кампазітараў, што праходзіў у Гродне ў пачатку 70-х. Успамінаў таго хлопчыка з пасёлка Поразава, што прывёз на суд масцітага журы свае песні.
— Здарылася так, — пісаў ён у “Культуру”, — што я, з’яўляючыся старшынёй журы, адхіліў іх. Няўдачлівы аўтар ехаў дадому на аўтобусе, за вокнамі мільгацелі маркотныя пейзажы, а душу атручвала прыкрасць: надзеі не спраўдзіліся. Гэтым хлопчыкам быў Жэня Паплаўскі.
Сёння, праз трыццаць гадоў, сам Жэня ўспамінае той дзень няўдалага кампазітарскага дэбюту са шчырай усмешкай. Толькі гэта ўжо не Жэня, а Яўген Уладзіміравіч Паплаўскі — член Беларускага саюза кампазітараў, адзін з заснавальнікаў Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання “Беларуская капэла”, удзельнік розных музычных форумаў, дацэнт Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў. Чалавек з багатымі ведамі, невычарпальнай душой і непахіснымі памкненнямі рэалізаваць сябе як мага паўней. Як жа?
Проста ён з дзяцінства змог добра прыслухацца да сябе і выбраць свой адзіны шлях — музычны. З ранніх гадоў знайшоў свой адказ на пытанне “Камо грядеши?” і... Паступіў у Гродзенскае музвучылішча па класу баяна. Там працягваў пісаць музыку пад кіраўніцтвам таго самага Віталя Радзівонава, які (воляй лёсу!) дапамагаў юнаку пазнаваць нязгасны свет філасофіі і культуры. Пасля службы ў арміі, якую прайшоў, дарэчы, з трамбонам у руках, вучыўся ў кансерваторыі па класу кампазіцыі ў прафесараў Ігара Лучанка і Дзмітрыя Смольскага. Пазней стажыраваўся ў Санкт-Пецярбургу ў знакамітага кампазітара Сяргея Слонімскага.
— Мне вельмі пашанцавала, што менавіта тады ў горадзе праходзіў фестываль сучаснай нямецкай музыкі. Яго панарама была вельмі шырокай: канцэрты Берлінскага сімфанічнага аркестра імя Герберта фон Караяна, балетныя спяктаклі Ноймайера, пастаноўкі Штутгартскага опернага тэатра. Сучасная музыка лавінай хлынула на мяне, пашырыла мой музычны кругагляд.
А крыху пазней, у 1991 годзе, у Рэпіна, што пад Санкт-Пецярбургам, праходзіў майстар-клас па кампазіцыі. Туды прыехалі сапраўдныя мэтры, кампазітары з ЗША, Германіі, Швейцарыі, Фінляндыі, Польшчы.
— Мы кожны дзень па 18—20 гадзін праслухоўвалі сотні магнітафонных запісаў, кампакт-дыскаў. Свет для мяне быццам перавярнуўся. Я пачаў глядзець на многія рэчы другімі вачамі, — згадвае свой шлях да святла кампазітар.
Пазней Яўген Уладзіміравіч працягваў вучобу за граніцай. Стажыравацца яму прапанавала польскае пасольства. Амаль паўтара года ён правёў у Гданьскай акадэміі музыкі, чатыры — у студыі электраакустычнай музыкі ў Кракаве.
Золата “Варшаўскай восені”
арэчы, у Польшчы Яўген Паплаўскі — часты госць. На працягу дваццаці гадоў тут гучыць яго музыка.
1997 год. Да ўрачыстасцей, прысвечаных тысячагоддзю Гданьска, заказана музыка пяці аўтарам. У іх спісе і беларускі кампазітар. А далей... Творы Яўгена Уладзіміравіча выконваліся не на адным міжнародным фестывалі, якія прымаў Кракаў.
Летам жа 2002-га ў Кракаве быў выязны майстар-класс Авіньёнскага цэнтра вывучэння музычнай акустыкі (Францыя). Яўген атрымаў запрашэнне для ўдзелу ў гэтым майстар-класе. З’ехаліся сюды кампазітары з усяго свету. Размова ішла пра электронную музыку. Да гэтага беларускі кампазітар ужо рэалізаваў некалькі твораў у кракаўскай студыі. Гэта электронная сімфонія “Карозія часу” і твор “Лунаючы ў прасторы”. А падчас майстар-класу атрымаў замову ў эксперыментальнай студыі польскага радыё ў Варшаве (адной са старэйшых студый электроннай музыкі ў Еўропе) на рэалізацыю новага твора.
— На электроніку цяпер усе сталі падкія ў тым кантэксце, што ўсё вельмі простым здаецца, — разважае Яўген Уладзіміравіч. — Але калі сур'ёзна адносіцца да гэтага мастацтва, то складана працаваць з гукам. Акустычны матэрыял, электронная партытура... Месяцы працы.
З 2000 года Яўген Паплаўскі — заўсёдны ўдзельнік прэстыжнейшага фестывалю сучаснай музыкі “Варшаўская восень”. Менавіта ў 2000-м на гэтым фестывалі адбылася прэм’ера яго “Light on the Rath” (“Свет на шляху”). Гэты твор увайшоў у “Хроніку Варшаўскай восені” — зборнік запісаў тыражом 500 экзэмпляраў, які ў камплекце фестывальных матэрыялаў рассылаецца па ўсім свеце.
— Канцэртныя праграмы “Варшаўскай восені”, — расказвае кампазітар, — з года ў год мяняюць сваю канцэпцыю, свае ідэі і задачы. Таму кожны фестываль па-свойму ўнікальны і індывідуальны. Так, напрыклад, канцэпцыя “Восені” 1998 года была прысвечана музычнай творчасці паўночных краін Скандынавіі, “Варшаўская восень-1999” звязана з музыкай Паўночнай Амерыкі... Вядучая тэма фестывалю 2005 года — мастацтва Усходу. Тут была прадстаўлена не толькі музыка Японіі, Кітая, Паўночнай Карэі, але і краін, якія размешчаны з “бліжняга ўсходу” ад самой Польшчы — Украіны, Расіі, Беларусі.
Менавіта ў рамках гэтага фестывалю адбылася прэм’ера сачынення Яўгена Паплаўскага “Маё — Ёй”. Твор быў напісаны спецыяльна па заказу “Варшаўскай восені” для ансамбля салістаў “Класік-Авангард”.
Адарвацца ад зямлі
— Як жа нараджаецца музыка? — пытаюся ў кампазітара.
— Якім будзе твор, залежыць ад глыбіні думкі, арыгінальнасці задумы, унутранай культуры кампазітара, яго памкнення быць адукаваным чалавекам. Трэба ўмець разбірацца ва ўсіх відах і формах мастацтва, ва ўсіх яго накірунках: жывапісе, літаратуры, пластыцы. Патрэбен сінтэтычны вобраз мыслення. Зараз я разумею: не праходзіць дарэмна ні адна сустрэча, ні адна гутарка з людзьмі. Усё гэта дапамагае станаўленню маёй уласнай творчасці. Жыццёвы вопыт і эмацыянальнае ўспрыманне свету — вось першааснова для фарміравання асобы творцы.
Цікава выказаўся наконт гэтага Марэк Халанеўскі, прафесар Кракаўскай акадэміі музыкі. Маўляў, ува мне быццам знаходзіцца якісьці камп’ютар, які ўбірае ў сябе колеры, вобразы, уражанні, філасофскія канцэпцыі і перапрацоўвае іх у гукавы, а затым і нотны матэрыял.
Сапраўднаму майстру ўласцівы высокі стан душы, арыгінальнасць у задумах і непарыўнасць абстрактнага мыслення з традыцыямі. Патрэбен уласны падыход да ўсяго.
Музыка павінна гаварыць пра нявыказанае. Не трэба баяцца адарвацца ад зямлі, памкнуцца і ўзняцца да высокіх пачуццяў. Далёка не кожнаму ўдаецца дасягнуць гэтай лёгкасці, шырыні, неабмежаванасці мыслення. А той, каму гэта ўдаецца, рызыкуе быць незразуметым... Неабавязкова ўсе знаходкі прыжывуцца ці ператворацца ў традыцыі. Але шукаць і выпрабоўваць — неабходна!
Усё мастацтва, як і само жыццё, — трохкутнік, бо ёсць вяршыня і імкненне да яе. І нават калі б ні адзін чалавек не зразумеў майго твора, калі б не прагучала ніводная напісаная мною нота, але я шчыра буду працаваць над сабой, усё апраўдана. Гэта патрэбна ў першую чаргу мне, бо тварыць — значыць, развіваць мастацтва і, галоўнае, сваю душу.
...І нараджаюцца кантата “Бацькаўшчына”, сімфонія “Lux aeterna”, пластычныя сцэны “Люди лунного света”, распевы “Супральскай Мадонне”, кантата “Родныя вобразы”, “Шлях у аблокі”... Гучаць творы кампазітара ў Даніі, Галандыі, Польшчы, Іспаніі, Італіі, Расіі, канешне, і ў роднай Беларусі. Выходзяць кампакт-дыскі “In the Moonlight”, “Quo vadis”, “Кветкі ночы”, “Святло на шляху”, “Погода уже поздней осени”, рыхтуецца шосты дыск “Адвечнае святло”...
Каб адкрыць нанова...
Яўген Паплаўскі праявіў сябе і як апантаны даследчык беларускай музычнай гісторыі. І яму ўдалося скінуць з “п’едэстала” стэрэатып, што гісторыя беларускага музычнага мастацтва пачалася пасля 1917 года. Праца ў архівах Кракава, Гданьска, Познані, Варшавы, Санкт-Пецярбурга, Лондана не была дарэмнай.
Адна са значных знаходак — рукапіс “Te Deum Laudamus” Восіпа Казлоўскага — аўтара вялікага палатна для двух хораў, сімфанічнага аркестра, аргана і салістаў па заказу імператара Аляксандра І.
— Яшчэ адзін поспех, — расказвае Паплаўскі-шукальнік музычных скарбаў, — опера Антонія Генрыха Радзівіла “Фауст”! Клавір гэтай рэчы я знайшоў у Санкт-Пецярбургу, а партытура захоўвалася ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. З Пецярбурга я прывёз музыку тых жа братоў Аляксандра і Міхала Ельскіх. Нельга не ўспомніць і Канстанціна Горскага. Матэрыялы яго оперы “Маргер” і іншыя сачыненні я знайшоў у познаньскіх і варшаўскіх архівах.
Напалеон Орда, Антон Абрамовіч, Юзаф Ігнацы Крашэўскі, Міхал Казімір Агінскі, Ігнат Ляўковіч, Юзаф Дашчынскі — вось далёка не поўны пералік імён творцаў, чые, здаецца, страчаныя творы былі адшуканы Яўгенам Паплаўскім у кнігасховішчах і вернуты ў быццё.
Усё гэта друкуецца. Ужо пабачыў свет восьмы зборнік серыі “Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі”, рыхтуецца дзявяты. А матэрыялу і ідэй ёсць на ўсе пятнаццаць.
...Вось такі ён — настойлівы шлях Яўгена Паплаўскага да святла. І сёння разам з тым самым Віталем Радзівонавым мы дзівімся волі і розуму хлапчука з Поразава: “Уражлівы ўзлёт! Галавакружны! Цудоўны поспех беларускага кампазітара!”
Спачатку былі толькі гукі...

Комментариев нет:

Отправить комментарий