У творах кампазітара яўгена Паплаўскага па-новаму адкрываюцца сэнсы, прыхаваныя ў вершах класікаў беларускага пісьменства
Словы часам — як дровы: нясуць у сабе энергію. Зрэшты, хіба што вяскоўцы ведаюць, як шмат папрацаваць трэба, каб і тое, і другое спачатку ўладкаваць прыгожа, а потым і спажыць з густам, з карысцю, саграваючы душу й цела. “Няма ў радках ні іскры, ні агню…” — хочацца, бывае, сказаць пра пісаку, што ў словах неахайны. І ўвогуле: тое, што сырое — не гарыць... А вось добрыя вершы, як вядома, здольныя несці ў сабе моцны зарад энергіі духоўнай, які ў чуйнай душы можа распусціцца кветкаю, ці заблішчаць дыяментам, ці загучаць музыкай… Не кожны, безумоўна, здатны ў рэзананс з вершам загучаць, не ўсе здольныя на такія мета-марфозы. Таму і маем запавет, які ў адным з перакладаў на беларускую мову гучыць так: “Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас” (Паводле Мацьвея 7:6).
Чуйна ўслухоўваецца ў вершы, створаныя таленавітымі творцамі зямлі беларускай, кампазітар Яўген Паплаўскі. Родам які — з глыбінкі, з Гродзеншчыны: у мястэчку Поразава стаіць бацькоўскі дом. Хоць самі тыя вершы — нібыта й “ад зямлі”, аднак увабралі ў сябе нейкую святлістасць. Можа, таму і душа кампазітара, выслухоўваючы патаемную музыку гарманічна ўпарадкаваных слоў, на іх адгукаецца? Дарэчы, вакальныя творы, напісаныя ў садружнасці з вялікімі паэтамі, гучалі на аўтарскім канцэрце Яўгена Паплаўскага са знакавай назвай “Спрадвечнае святло” — тое было летась 12 лістапада ў Малой зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржфілармоніі.
Распачыналі праграму духоўныя хваласпевы, у якіх даўнія традыцыі знайшлі сучаснае музычнае ўвасабленне. Твор “Missa brevis” з пяці частак для жаночага хору без супра-ваджэння — новы: напісаны ў 2015 годзе на кананічныя лацінскія тэксты па просьбе польскага дырыжора Станіслава Краўчыньскага, яму ж і прысвечаны. На Беларусі выконваўся
ўпершыню.
А ў 2016-м кампазітар напісаў “Малітвы” ў трох частках — таксама для жаночага хору без суправаджэння на кананічныя лацінскія тэксты. Твор прысвечаны родзічу кампазітара, ксяндзу, доктару тэалогіі Станіславу Глякоўскаму, і гэта была прэм’ера. І трэцяя навінка: “Дыптых” для жаночага хору без суправаджэння на словы Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш. Для музычнага “прачытання” кампазітар выбраў вершы “Цішай ночка чаравала” і “Дрэмле вечар у ціхай дуброве”. Вершы, дарэчы, лёгка знайсці ў інтэрнэце. Як і тыя, з якіх нарадзіліся два іншыя творы Яўгена Паплаўскага: кантата “Родныя вобразы” для змешанага хору і ўдарных інструментаў на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа (2007), а таксама канцэрт “Мой ціхі дом” для змешанага хору без суправаджэння на словы Ларысы Геніюш, Янкі Купалы і Якуба Коласа (1988). Твор “Мой ціхі дом” кампазітар прысвяціў бацьку, Уладзіміру Паплаўскаму.
Аматары вакальнага мастацтва змаглі ацаніць, як хораша, сучасна гучаць беларускія па духу, па музычным строі творы кампазітара дзякуючы адметным выканаўцам. У першым аддзяленні спяваў Жаночы камерны хор “Concertino” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі. Гэты калектыў — лаўрэат міжнароднага і рэспубліканскага конкурсаў, уладальнік заахвочвання Спецфонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Мастацкі кіраўнік і дырыжор — Аляксей Снітко, хормайстар — Надзея Навічэнкава. А ў другім аддзяленні на сцэне быў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы. Мастацкі кіраўнік — народная артыстка Беларусі Людміла Яфімава, дырыжор — Дзмітры Хлявіч.
Варта дадаць, што таленту Яўгена Паплаўскага дапамагалі раскрыцца вядомыя педагогі як у Беларусі, так і ў замежжы. Ён закончыў Беларускую кансерваторыю (Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі) па класе Iгapa Лучанка i Дзмітрыя Смольскага ў 1986 годзе. Потым стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, браў удзел у майстар-класах прафесара Парыжскай кансерваторыі Тон дэ Леюва. У 1991-м па ініцыятыве маладога кампазітара быў арганізаваны ў Мінску Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі (праходзіў раз на два гады да 1995 года). Аў 1997-99 гадах Яўген Паплаўскі асвойваў кампазітарскі досвед суседзяў: на стыпендыю Польскага Урада працаваў у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя Станіслава Манюшкі над творам для сімфанічнага аркестра “Барбара Радзівіл”, а таксама ў Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве, дзе меў уласны творчы праект.
Зварот да беларускай культурнай спадчыны, павага да гісторыі Бацькаўшчыны — творчае крэда Яўгена Паплаўскага. У прыватнасці, на Нацыянальным конкурсе кампазітараў, прысвечаным 500-годдзю Францішка Скарыны (1991 год) ён атрымаў II прэмію за сімфонію “Lux aeterna” для тэнара, хору i сімфанічнага аркестра на словы сучаснага беларускага паэта Лявона Эміліта. Прэм’ера яе была 21 сакавіка 1997 года: пад час святкавання 1000-годдзя Гданьска. Спадзяемся, што сёлета, да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, сімфонія прагу-чыць і ў Беларусі. У творчасці Яўген Паплаўскі звяртаўся да вершаў польскага паэта, Нобелеўскага лаўрэата Леапольда Стафа (стварыў харавы цыкл “Пагода ўжо позняй восені”). А ў 2013-м па замове Кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы напісаў цыкл “Пожні” для змешанага хору без суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш. Прэм’ера цыкла была 15 снежня 2013 года пад час Аўтарскага канцэрта кампазітара ў Кракаве (Вакальны ансамбль SINGET, дырыжор — Марыя Янушкевіч). Увогуле ж творы беларуса шырока пайшлі па свеце: выконваліся на фестывалях сучаснай музыкі ды асобных канцэртах у Германіі, Нідэрландах, Даніі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Польшчы, Украіне, Літве, Аргенціне, Бразіліі, Расіі ды ЗША. Многія творы запісаны на сямі кампакт-дысках, выдадзеных у Мінску.
І арганізатарскім здольнасцям кампазітара можна пазайздросціць. У 2015-м аўтарскія канцэрты Яўгена Паплаўскага адбыліся ў Мінску і Кракаве. А летась 29 кастрычніка ў Мексіцы была прэм’ера яго твора “Бэзавы вечар” для віяланчэлі і фартэпіяна (2015; Cracow Duo: Ян Каліноўскі — віяланчэль, Марэк Шлезэр — фартэпіяна) у плыні шэрагу канцэртаў, арганізаваных Нацыянальным універсітэтам Мексікі.
Нядаўна ж Яўген Паплаўскі паведаміў нам: у выдавецкім аддзеле Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў рыхтуецца да выдання Першы сшытак новай серыі “Рэлігійная музыка на Беларусі”. У выданне ўключаны і “Восем выбраных распеваў з Супрасльскага ірмалагіёна (1598—1601)” у ягонай шматгалоснай версіі для змешанага хору без суправаджэння.
Крынiца: Рыгор Арэшка. Газета з Беларусi "Голас Радзімы" , 2 лютага, 2017. NO. 5 (3509).