среда, 2 февраля 2011 г.

Поразава – старажытнае паселішча

Поразава – старажытнае паселішча, якое існавала ўжо ў XV ст. Па некаторых дадзеных, у 1460 г. тут быў пабудаваны касцёл Пятра і Паўла. Фундатарам яго быў Ян Рынвід. Адпаведна з роспісам падаткаў, што быў зацверджаны ў Вільні на вольным сойме, «места Поразаўскае» плаціла 20 коп грошай у дзяржаўную скарбонку. Гэта было ў пяць разоў меньш, чым бралася з места Берасцейскага і ў два з паловай разы меньш, чым з Менска. Столькі ж, колькі плаціла Поразава, уносілі Ліда, Высокае, Кляшчэлі, Браслаў і інш.
Як сказана у рэвізорскім лісце ад 4 снежня 1615 г.: «король его милость Жыгимонт Першый ствержает иж право им майдэборскае от короля его милости Александра наданое, зостаючы их пры помененом...», далей рэвізоры называюць дату гэтага дакумента — 3 чэрвеня 1523 г. Такім чынам, правы на самакіраванне поразаўцы атрымалі амаль адначасова з Менскам. У 1616 г. места атрымала герб.
Пазней вольнасці пацверджаны Уладзіславам IV (10 чэрвеня 1639 г.), Янам Казімірам (6 жніўня 1652 г.), Міхаілам (20 студзеня 1679 г.), а таксама Янам III і Аўгустам II. Апошні з іх 22 лістапада 1718 г. даў поразаўцам «заручны ліст». У ім навакольная шляхта папярэджвалася ад наездаў і рабункаў места пад пагрозай штрафа у 10 000 коп гропіаў літоўскіх і крымінальнай адказнасці адпаведна са Статутам ВкЛ 1588 г.
Пажар 1767 г. значна пашкодзіў места і знішчыў касцёл, які быў адноўлены графам Тышкевічам. У 1878 г. у месце было каля 300 дамоў, 1454 жыхары, з якіх 556 яўрэі. Хрысціяне займаліся ганчарствам, земляробствам, а яўрэі дробным гандлем. На той час у месце існавалі праваслаўная царква і касцёл. У канцы XIX ст. у Поразаве ўсяго 658 жыхароў, праваслаўная царква, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, вучылішча, аптэка і некалькі крамаў. Зараз гарадскі пасёлак знаходзіцца ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці.
Паводле:
Анатоль Цітоў
Геральдыка беларускіх местаў
Мінск, Полымя, 1998
radzima.org

Комментариев нет:

Отправить комментарий